пеРАКможам:: Жыцьцё пасьля раку

Восем найгоршых прадуктаў для сэрца

09.12.2014
755

Дактары шмат кажуць пра дыету, якой трэба прытрымлівацца, каб засьцерагчыся ад хваробаў сэрца. Аднак нават калі ваш штодзённы рацыён складаецца амаль цалкам з ласося і аўсянкі, некаторыя паслабленьні ў дыеце ўсё роўна захаваюць небясьпеку для сэрца.

 

Сайт The Huffington Post папярэджвае супраць васьмі найгоршых для сэрца прадуктаў.

1. Апрацаванае мяса

Хот-догі, бэкон, каўбасы і мясныя дэлікатэсы вырабляюцца з дадаткамі кансэрвантаў, часта ў тым ліку нітратаў і нітрытаў, якія прычыняюцца да сардэчных праблем.

2. Чырвонае мяса

У чырвоным мясе высокае ўтрыманьне насычаных тлушчаў. Але калі ўжо зусім ня можаце ад яго адмовіцца — выбірайце вельмі посную ялавічыну.

3. Піца

Адзін кавалак піцы можа ўтрымліваць дзьве траціны штодзённага ліміту насычаных тлушчаў. Калі ўжо і дазволіць сабе кавалак — то з гароднінай, а не каўбасой, і прасачыць, каб на ім было менш сыру.

4. Сырны соўс

Зноў насычаныя тлушчы. Калі робіце такі соўс дома — замяніце масла аліўкавым алеем, сьмятану — абястлушчаным малаком і скараціце колькасьць сыру.

5. Транс-тлушчы

Гэтыя тлушчы павялічваюць тэрмін захаваньня прадуктаў, вырабленых зь іх, але падвышаюць узровень дрэннага халестэрыну ў арганізьме.

6. Смажаная ежа

У рэстаранах алей для смажаньня выкарыстоўваюць паўторна, у выніку тлушч робіцца ўсё больш насычаным. Калі ўжо смажыць — то на аліўкавым алеі, выкарыстоўваючы яго толькі адзін раз.

7. Салодкія газаваныя воды

Нават калі вы п’яце салодкую газіроўку адзін раз на дзень, гэта прыводзіць да 20-працэнтнага павелічэньня рызыкі сардэчных праблем. Дыетычныя напоі ня лепшыя — даказана, што яны падвышаюць рызыку разьвіцьця інсультаў і інфарктаў, хоць дакладная прычына пакуль цалкам ня вывучаная.

8. Фастфуд

Тут усё: і насычаныя тлушчы, і транс-тлушчы, і цукар, і сода, што робіць большасьць вашых заказаў рэцэптам да катастрофы.

Партнёры