пеРАКможам:: Жыцьцё пасьля раку

Пра кампанію

У Беларусі каля 250 тысяч чалавек маюць анкалягічны дыягназ.

Нягледзячы на гэта, рак — адна з табуяваных тэмаў беларускага грамадзтва. Гэты дыягназ не прынята абмяркоўваць. Дзяржаўныя мэдыі не прысьвячаюць праблеме дастаткова ўвагі. А доступ да інфармацыі пра магчымасьці мэдыкамэнтознай і псыхалягічнай тэрапіі і якаснага лекаваньня абмежаваны.

Праект «Перакможам» мае на мэце згуртаваньне людзей вакол праблемаў, зьвязаных з анкалёгіяй.

«Перакможам» — гэта таксама ўнікальны журналісцкі праект, рэалізаваны журналістам «Радыё Свабода» ў супрацы з грамадзкімі арганізацыямі. За ўдалы прыклад і натхненьне паслужыў праект амэрыканскай газэты New York Times, якая ужо тры гады публікуе праект Your Life After Cancer «Ваша жыцьцё пасьля раку».

Героі праекту — людзі ў Беларусі, якія выжылі пасьля раку, якія дзеляцца сваім досьведам, дапамагаюць іншым усьвядоміць, што рак — гэта не прысуд, што ён вылечваецца. Сярод іх — Ірына Жыхар, грамадзкая актывістка (20 гадоў пасьля раку), Антон Івашкевіч (30 гадоў пасьля раку), жыхарка Клічава Галіна Мішава, грамадзкі актывіст Сяржук Бахун, Ігар Крэбс ды іншыя.

Стаць удзельнікам праекту — проста. Дашліце нам вашую гісторыю, далучыце некалькі фотаздымкаў, пазначце кантакты. Гісторыю мы абавязкова апублікуем.

Партнёры